Адкуль пайшлi беларусы
Калісь яшчэ свет толькі зачынаўся, дык нічога нідзе не было. Усюды стаяла мёртвая вада, а пасярод вады тырчэў нібы камень, нібы што. Адзін раз Пярун як разыграўся і давай пыляць стрэламі ў гэты камень. Ад яго стрэлаў выскачыла тры яскаркі: белая, жоўтая і чырвоная. Упалі тыя яскаркі на ваду; з гэтага ўся вада скаламуцілася, і свет памуціўся, як хмары. Але па некаторым часе, як усё высветлілася, дык і адзначылася — дзе вада, дзе зямля. А яшчэ па некаторым часе завялося і ўсякае жыццё і ў вадзе, і на зямлі. І лясы, і травы, і звяры, і рыба, а пасля і чалавек завёўся: ці ён прыйшоў адкуль, ці вырас тутака.
Па некаторым часе гэты жыхар стаў заводзіць свае чалавечыя парадкі. Ці доўга ён так жыў, ці мала, але меў ён ужо сваю сялібу, меў многа жонак, а яшчэ больш дзяцей. Было яму прозвішча Бай. А як прыйшла яго гадзіна смерці, дык ён склікаў сваіх сыноў і падзяліў усю сваю маёмасць. Толькі аднаго сына запамятаваў. Той у гэты час быў на палешні (паляванні), і з ім былі любімыя бацькавы сабакі Стаўры і Гаўры. Прозвішча гэтаму сыну было Белаполь.
Неўзабаве пасля смерці бацькі вярнуўся Белаполь з палешні. А браты яму кажуць: — Вось бацька падзяліў нам усю сваю маёмасць, а табе ён адказаў сваіх сабак, дык яшчэ наказаў, каб ты іх пусціў па волі: аднаго — у правы бок, а другога — у левы; колькі яны зямлі аббягуць у дзень, дык гэтая ўся зямля твая будзе.
Вось пайшоў Белаполь і злавіў дзвух птушак, прыляцеўшых адну з паўднёвага мора, другую з заходняга. Пусціў адну птушку на поўдзень, ды і кажыць адной сабаке: — Бяры!
Пусціў другую на захад і кажа другой: — Хапай!
Як паляцелі тыя птушкі: адна ў адзін бок, другая ў другі… Як пабеглі сабакі за птушкамі, дык ажно зямля закурылася… Як пайшлі тыя сабакі, дык і да гэтага часу не вярнуліся, а па іх слядах дзве рэчкі працягнуліся, у адзін бок прайшла Дзвіна, а ў другі бок — Дняпро.
Вось у гэтых абшарах Белаполь і пачаў сяліцца ды заводзіць свае лады…
У гэтага Белаполя ад розных жонак яго развяліся розныя пляменні пад прозвішчам БЕЛАРУСЫ. Яны і да гэтага часу там ходзяць, зямельку скародзяць ды жыта сеяць.
Крыніца: Легенды і паданні. Мн., 1983. С. 78—79
Адкуль пайшли буслы
Было гэта вельмі даўно. На зямлі развялося такое мноства гадаў, што не стала ад іх жыцця ні людзям, ні жывёле. І парашыў адзін чараўнік знішчыць гадаў, патапіць у якойсьці бяздонніцы. Сабраў ён іх у вялізны скураны мяшок, завязаў, узваліў на плечы аднаму неразумнаму чалавеку і загадаў укінуць у паказанае прадонне. Як толькі чалавек рушыў з месца, то ўсе гады, якія былі ў мяшку, заварушыліся, засіпелі, засвісталі. І ўзяла чалавека цікаўнасць, што ён такое прэ.
Чалавек развязаў торбу ды і аслупянеў ад жаху. Гады ж тым часам вылезлі і распаўзліся ізноў па зямлі.
Разгневаны чараўнік не захацеў другі раз збіраць гэтую дрэнь і, накінуўшы на чалавека парожні мяшок, ператварыў яго ў бусла і загадаў збіраць гадаў-уцекачоў усё яго жыццё аж да самай смерці.
І ходзіць гэты ператвораны ў бусла чалавек з накінутым на плечы мяшком па лугах, палях, балотах ды збірае гадаў, але да гэтае пары ніяк сабраць не можа. З прычыны сваёй крэўнасці да чалавека гэты пярэварацень не адыходзіць далёка ад людскіх сяліб і мала баіцца людзей.
Крыніца:http://bellib.org/legenda/item/legenda/legenda-039.html
Васiлькi
Даўным-даўно жыў тут чалавек. Зваўся ён Васілём. Вельмі любіў Васіль кветкі, а таму і сам вырошчваў іх. Новым кветкам даваў імёны.
Аднойчы ў яго садзе з’явілася новая кветачка. Была яна блакітнага колеру. Яна ўмела размаўляць і пры першым спатканні папрасіла Васіля, каб ён хутчэй даў ёй імя. Прыгожае, мілагучнае.
Доўга-доўга думаў Васіль і нарэшце разважыў, што назвы лепшай за Васілёк не прыдумаць.
Васіль з Васільком многа чаго не дагаварылі. Але аб новай кветачцы, якая да таго ж умее гаварыць, даведаўся туташні злосны пан. Ён і загадаў Васілю прынесці кветку да яго ў святліцу.
Пра гэтае няшчасце дачуўся і Васілёк. Ён таксама не хацеў жыць у злоснага чалавека і ператварыўся ў чырвоную нікім незаўважаную кветачку.
Азвярэлы пан люта пакараў Васіля, а напрыканцы мучэння загадаў укінуць яго цела ў рэчку. Так і загінуў Васіль, але кветачка — засталася. А людзі і перайменавалі сваё паселішча Васількамі — як памяць аб Васільку, Васілю і яго кветках.
Крыніца: https://novychas.by/kultura/legendi_padann_nashaga_kraju/
Дуб i сасна
Па дарозе ў Нясвіж растуць, абняўшыся, два дрэвы — дуб і сасна. Кажуць, было гэта яшчэ за князем Радзівілам. У князя была прыгожая дачка, і пакахала яна пастуха. І пастух яе таксама кахаў. Але пажаніцца яны не маглі, князь пра такое і слухаць не хацеў. І вось яны рашылі ўцячы з замка. Даведаўшыся пра гэта, князь разгневаўся, кіламетраў за шэсць дагнаў іх са сваёю світаю. Не пашкадаваў князь ні дачкі, ні пастуха: там і пакончыў іх жыццё. На тым месцы вырас дуб і сасна, якія і цяпер растуць, навекі абняўшыся.
Крыніца:http://bellib.org/legenda/item/legenda/legenda-015.html
Калядная ноч
Калісьці ў даўніну адзін раз у год парабкі елі разам з панамі. 1 здаралася гэта ў шчодры вечар, на куццю.
Пані-ўдавіца, у якой парабкаваў Юстын, загадала хуценька накрыць стол, каб з першаю зоркаю на небе сесці вячэраць. Страў, дзякаваць Богу, хапала, пра хмельную чарачку пані таксама не забылася.
Калі выпілі і ўсмак паелі, пані сказала Юстыну:
— Пакідаю на цябе маёнтак і ўсё сваё багацце. А сама паеду на ўсяночную імшу.
Дарога да касцёла няблізкая. Юстын мігам падрыхтаваў сані, паклікаў возчыка. Неўзабаве пані паехала. Пасля яе ад’езду Юстын абышоў сядзібу, праверыў замкі на хлявах ды свірнах, потым вярнуўся ў кухню і, сцягнуўшы з сябе світку, прылег адпачыць на запечку. Ці то ад выпітай чарачкі, ці то ад дзённай стомы, але ён, мабыць, задрамаў. Пабудзіў яго моцны шум. Юстын адразу ўспомніў, што пані наказвала яму вартаваць гаспадарку, памкнуўся басанож на вуліцу, як раптам убачыў на кухні незнаёмых кабет. Спачатку ён падумаў, што пані запрасіла да сябе сябровак, а потым яму цюкнула ў галаву: «Усе ключы ад маёнтка пры мне! Як жа яны тут апынуліся?!»
Над галавою штосьці моцна загрукагала. Глядзіць Юстын — проста з коміна выскачыла яшчэ адна паненачка. У парабка ад страху мароз па спіне пайшоў. Сцяміў небарака, што нячыстая сіла завітала. А кабеткі скачуць па кухні і нібыта яго не заўважаюць.
«’Хоць бы не сцягнулі панскае дабро…» — падумаў Юстын.
1 толькі ён так падумаў — лезуць няпрошаныя госці проста на запечак. Хочаш не хочаш, а ўплішчышся, заціснешся ў самы куток. Праз хвіліну-другую запрэглася адна паненка ў саху, а другая давай араць ёю, быццам поле, запечак. Узаралі, пасеялі проса, а яно, як у казцы. проста на вачах расце, адразу закаласілася. Крутнуліся ведьмы па запечку, праверылі ці добра паспела проса, схапіліся за сярпы. Адны жнуць, другія малоцяць, трэція пліту распальваюць… Няйнакш будуць кашу варыць! І праўда: такі смачны пах пайшоў, аж у парабкавым жываце забурчэла.
Юстын даўно забыўся пра страх, цікуе, што далей будзе. Пакаштавала адна ведзьма кашу з гаршка — і ў комін. За ёю і астатнія паляцелі, бо ўсе як адна паспыталі кашу. Злез тады парабак з запечка і — за гаршчок. Не доўга думаючы, зачарпнуў астаткі ведзьмінай кашы ды сабе ў рот. І паляцеў у комін следам за нячыстаю сілай.
Апынуўся Юстын на нейкім балоце. Азірнуўся тыды-сюды, а навокал людносці, як на кірмашы! Непадалёку грае музыка, віруюць танцы. І ніводнага мужчыны — адны кабеты танцуюць. Лыпае вачыма парабак, сам сабе не верыць: у карагодзе таньчыць і яго пані-ўдавіца. Яна таксама ўбачыла парабка, хутчзй пашылася да яго.
— Якое цябе ліха прынесла сюды? — пытаецца. — Хто маю гасладарку пільнуе?..
Расказаў Юстын, як усё здарылася. Азірнулася пані па баках, ці не сочаць за імі, шапнула дзецюку на вуха:
— Сядай на гэтага белага каня і ўцякай дахаты, бо не выйсці табе адсюль жывым!..
Юстыну два разы нетрэба паўтараць. Скокнуў ён на каня і ўмомантапынуўся на панадворку. Прывязаў каня да плота, а сам хутчэй у панскія пакоі. Глядзіць — і пані ўжо з імшы вярнулася. Пазірае на яго і неяк дзіўна пасміхваецца.
— Што з канём рабіць? — пытаецца ў яе Юстын.
— 3 якім канём? — здзівілася пані.
Выйшлі яны на панадворак, а да плота — бярозавае палена прывязана.
Крыніца:http://skarby.in/kaliadnaja-noch.html
Яшчэ больш легендаў i паданняў можна знайсцi тут: https://be.wikisource.org